РУ БЕ EN

Свята восеньскага ўраджаю

26.09.2026

Свята восеньскага ўраджаю ў Ваўкавыскім дзіцячым доме

 

Каб зберагчы нашу непаўторную самабытную культуру i звычаi, трэба падтрымлiваць цесную сувязь пакаленняў, шанаваць сямейныя традыцыі i памятаць свае каранi.

Вясёлым і цікавым атрымалася свята “Багач”, якое прайшло ў Ваўкавыскім дзіцячым доме. Успамінаючы традыцыі і абрады нашых продкаў, выхаванцам наглядна паказалі святкаванне “Багача” у мінулым. У час мерапрыемства хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення свята “Багач”, вялікім значэннем гэтага свята для нашых продкаў. Гаспадыня свята, выхавацель Панкевіч Т.С., растлумачыла дзецям, адкуль пайшла назва свята, якія традыцыйныя абрадавыя дзеянні праводзіліся сялянамі ў гэты дзень, прадэманстравала сам Багач - так у народзе называлі лубок з жытам, які па жменьцы зносілі жыхары вёскі. У сярэдзіне лубка ўстаўлялася запаленая свечка, а потым яго ў суправаджэнні ўсіх жыхароў неслі па вёсцы, заклікаючы ў кожную хату дабрабыт і сямейны лад. У гэты дзень людзі дзякавалі прыродзе за шчодрыя дарункі і прасілі дабрабыту на наступны год. “Будзь багаты, як восень!” — казалі нашы продкі. Лічылася, што “Багач”, які захоўваўся ў покуці хаты, служыць моцным абярэгам для сям’і і закладам будучага дастатку.

Прагляд мультымедыйнай прэзентацыі па дадзенай тэме дапамог дзецям лепш зразумець сэнс свята. Хлопчыкі і дзяўчынкі вельмі ўважліва і з вялікай цікавасцю слухалі выхавацеля, задавалі пытанні, актыўна ўдзельнічалі ў віктарыне “Прыкметы свята” і гульні “Восеньскія караблікі”, спявалі народныя песні на беларускай мове, гулялі ў беларускія народныя гульні “Мышка”, “У мядзведзя ў бары”,  традыцыйна размаўлялi па-беларуску, казалі вершаваныя словы падзякі залатой ніўцы, урадлівай зямельцы, цёпламу сонейку, яснаму небу, дажджавой вадзіцы. Не абышлося свята і без конкурсу загадак “Хто шчыра дбае, той хлеба мае”. Пераможцамі сталі самыя спрытныя, кемлівыя і працалюбівыя выхаванцы.

Дзеці разам з выхавацелямі падрыхтавалі восеньскія вырабы, кампазіцыі і букеты з ураджаю гэтага года “Шчодрыя дары восені”.

Ад фальклорнага свята ўдзельнікі атрымалі мноства станоўчых эмоцый. Падчас свята панавала лёгкая і радасная атмасфера, якая захавалася да канца мерапрыемства.

Напрыканцы свята гаспадыня пачаставала дзяцей смачнай булкай, прыгатаванай з новага ўраджаю.

Скончылася свята ўрачыстай замовай, з якой звярталіся да БАГАЧА:

Ад шчырага сэрца віншуем і Вас са святам!!!

Жадаем багацця і шчасця, каб БАГАЧ забяспечваў ніву жытам і прыносіў у хату дастатак.

Фотогалерея:

поделиться в: